Запрашаем калі ласка!

Intro Pic

МАСТАЦКАЯ ГАЛЕРЭЯ: АЛЕНА КАЛАМІЕЦ
Алена - студэнтка Беларускай акадэміі мастацтваў. Удзельнік выстаў у Фінляндыі, Нарвегіі, Германіі, Польшчы.

Вершы напісаны А.Кузьнечыкам спецыяльна да творчых працаў (паводле правапісу да рэформы 1933 года - тарашкевіцы).


У цёмным падпечку
ў кутах сьпіць кашлатая ціша,
маўчаць цвыркуны
каля дзежак, дзе згублены пахі,
у сад прыляцелі
самотныя чорныя птахі,
да вокнаў прымружаных
сьнежань падсунуўся бліжай.

І мне пад крысом аксамітным
сну усьцешна і сьветла.
Дурэюць сьняжынкі
ў далоні сьвяточнае ночы...
Малюнак дзівосны:
туман, сьцежка, раніца, крочу,
зьбіраючы мары.
" А потым?" -
жахаюся шэпту.

З атраманту змроку
на цемры паперы памятай
пытаньні ўзнікаюць.
І мне не дазнацца адказу,
бо лёс сьцеражэ свае скарбы.
І хоць меней з часам
дарогі, я ўсё больш баюся
сустрэчы з адгадкай


Час не прынёс слодычы.
Годнасьць - нагода для рогату.
Сьцяць кулакі ў роспачы
і не адчуць холаду
продка мяча сталі
й толькі глядзець, як чорная
зграя над краем на краі
прорвы сьвятое, роднае
пляміць бруднымі пальцамі.
Памяць - падмуркам велічы,
попел стаптанай спадчыны -
сьведчыце ў нашай немачы!