

МАСТАЦКАЯ ГАЛЕРЭЯ: УЛАДЗІМІР ДАЎГЯЛА
|
Уладзімір скончыў
Беларускую акадэмію мастацтваў, сябра Беларускага Саюза мастакоў. Працуе
ў галіне кніжнай графікі, плаката. Удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных
выстаў.
Вершы напісаны А.Кузьнечыкам спецыяльна да творчых працаў (паводле
правапісу да рэформы 1933 года - тарашкевіцы).
|
А аднойчы ўзялася на дзень,
і сьцябло ў расколіне Сусьвету
высьпеліла сокамі надзей
кволаю валошкаю плянэту.
Нерушы касьмічнай чарназём
гадаваў яе й расою поўніў;
і каля вытокаў плыні дзён
зладаваў руплівы Майстра човен.
...Ну а чоўну як безь весьляра.
...Рабізною ацішэлі згадкі,
барадач-туман кірунак скраў,
неба не спьяшае даць адзнакі.
і каб не матлялася стырно,
каб азваўся пульс у жылах вёслаў,
з казак, мрой, любові, добрых сноў
існасьці абрус саткалі кросны
чалавечай мудрасьці. Па ім
мы здаўна зьвяраем шлях прыдбаны,
каб, ракі жыцьця ўтрымаўшы плынь,
нейк на золку стрэцца з акіянам. |
|
|
|

|