Запрашаем калі ласка!

Intro Pic

ТЭМАТЫЧНАЯ РУБРЫКА: ЛЕТА
Бясконцая дарога жыцця некалі была падзеленая людской мудрасцю на розныя кавалкі: каб прасцей ісці, каб мець шанец пачаць нанова, каб неяк інакш паспець выявіць сябе ў незваротна адным жыцці. І ў падмурку такога падзелу ляжыць знак мяжы альбо павароткі. Год - знак пройдзенага ад канца да пачатку кола. Дзень падзелены мяжою з цемрай. Зіма замятае стары год і абвяшчае Раство года новага. Вясна абуджае жыццё і поўніць яго надзеямі. Восень падводзіць рахунак няспраўджаным веснавым мроям і збірае ўраджай. А лета стаіць паміж імі і, здаецца, нічым не вызначаецца.

На пакручастай дарозе года лета - роўны і пыльны гасцінец.
Лета - час вакацый.
Лета - мёртвы сезон. Драбнее натоўп у гарадах, разбегшыся па гародах … Лета пара ўтульнасці і прыгажосці, на якую дзівуецца сонца, амаль забыўшыся на сон. І таму летам самыя доўгія і цёплыя дні, самыя галасістыя спевы птушак, самае поўнае бруенне жыцця кожнага з нас паасобку.

Нездарма лета - час адпачынку. Любы вандроўнік, узышоўшы на гару, спыніцца, кіне навокал позіркам: колькі пройдзена, колькі яшчэ засталося прайсці… Лета - вяршыня года. З вяршыні лета бачная ўся дарога у 300 з лішкам дзён. І таму лета - сімвал года. І таму пісалі продкі " В ЛЕТО", і таму мы кажам "летась" і "сёлета", пазначаючы гэтак цэлы год, увесь шлях да і ад вяршыні. Лета поўнае фарбаў і таямніцаў. І таму лета вабіць паэтаў.

Андрэй Кузьнечык


Новы дзень

Дзякуй Богу, што дзень нараджаецца -
Ціхі, ясны і цёплы такі.
Разам з целам душа прачынаецца
І на сонца глядзіць з-пад рукі.
І вачамі маімі ўсміхаецца
Кветкам, небу - ўсяму хараству …
Мо нарэшце той дзень пачынаецца,
Што ў суладдзі з душой пражыву ?

П.Саковіч

Табе складаю песню ля кастра,
Маёй зямлі зялёнае застолле,
Калі ў бярозы белыя за полем
Апусціцца крылатая зара.

Гарыць касцёр, як роздум вечаровы,
Спявае мне аб сонечных лугах,
Дзе доіць маці белую карову,
Дзе звон травы, дзе сонца ў ручаях.

Там маіх продкаў галасы і крокі,
Там ад стагоў кладзецца сіні цень.
І спяць у небе срэбныя аблокі,
Як дзеці, што змарыліся за дзень.

Зямля мая ! Мой дом, мой хлеб адзіны,
Я вечна твой, я б'ю табе чалом.
Хай вецер і праз вёсны і праз зімы
Звініць ля вуха залатым чмялём.

Л.Дайнека


Гарачы ліпень самлеў на ліпах,
У жоўтым цвеце там звон пчаліны.
У хвойным лесе салодкі ліпень
Зачэрпне дзеткам вядро маліны.

Убранні ў хатах аб'е парогі:
На тое ж ліпень, каб спалі мала.
У садзе ліпень - садоўнік строгі,
На лузе ліпень - касец удалы.

Затым на нівах, дзе млее жыта,
Даспеліць зерне - сялу на мліва.
Зрабіў бы болей, ды час пражыты.
" Бывай, мой ліпень ! - гаворыць жнівень. -

Мне застаюцца цабры маліны
Сады і сонца, што меней грэе,
На ліпе квецень і рой пчаліны,
Касцы - на лузе, у полі - жнеі…"

В.Гардзей