Запрашаем калі ласка!

Intro Pic

ТЭМАТЫЧНАЯ РУБРЫКА: ВОСЕНЬ
Адкрываючы тэматычную рубрыку, якая будзе знаёміць Вас з творамі таленавітых беларускіх аўтараў - як сучаснікаў, так і папярэднікаў - мы вырашылі абраць першай яе тэмай восень. Напэўна, няма ў беларускай літаратуры ніводнага паэта, які не прысвяціў гэтай пары хаця б некалькі радкоў. А шмат для каго яна стала галоўным вобразам, галоўным матывам.

Восень. Ціхія ранкі, буянне мядзяных і барвовых фарбаў, крышталёвая свежасць паветра, затоены лёгкі сум. Час успамінаў і роздуму, ачышчэння і спакою. Час натхнення.

Алена Кірэева


Апошні верасень

Верасень, цёплая мая рака,
Лісце не абляцела.
Восені голас, сонца шчака,
Маё залатое цела.
Зачаравана
ўдалеч гляджу,
Дзе сыходзяцца ўскрай дарогі.
Свежае поле,
подых дажджу,
Хвіліны перасцярогі.
Вось мне здаецца - зноў палячу
У светлае падарожжа,
Лёгкае ў промні
слова "хачу",
Горкая кропля - "можна"...
Не нарадзіліся слёзы яшчэ,
Усмешка блукае на твары.
Верасень цёплы
ракою цячэ,
Незразумелы,
як мары

В.Вярба


Кляновы ліст,
Як сынава далонь,
Мне на плячо
Апусціцца дрыготка.
І нас прычаліць
Восені ў палон
Нямога дрэва
Выстылая лодка.
Над ёй вятры
зацята адгулі,
над ёй вось-вось
нахіляцца завеі...
Наш дзень наступны
Бачыцца з зямлі
У хмурным небе
Просінню надзеі.

У.Мазго