
|
|
|
|
 |
|
|
|
|

ТЭМАТЫЧНАЯ РУБРЫКА: ЗІМА
|
За вокнамі халодная
ўрачыстасць. Паціху губляючы крохкія белыя пёркі, неба спяшаецца
ўбраць зямлю ў светлае пухнатае футра. Гэта зіма. Пара, якая завяршае
год. Ці пачынае?.. Цікава, колькі разнастайных асацыяцый яна выклікае!
З аднаго боку - гэта канец, смерць, з іншага - пачатак, нараджэнне
новага жыцця; гэта і смутак, нават адчай, але і радасць, выкліканая
бездакорнай чысцінёй, пачуццём абнаўлення.Ці, напрыклад, снег. Так,
гэта холад, але ж і цеплыня. Нездарма снегавы покрыў часта параўноўваюць
з цёплым футрам.
Таму не дзіўна, што зіма - адзін з улюбёных вобразаў беларускіх
паэтаў.
Алена Кірэева
|
| З паганаў я
Ныраюць сані ў белыя сумёты,
і бель пластоў на гольлі яліны,
сьняжынкі таюць на гарачым лобе,
а коні ймкнуць. Сьнег сыпле з вышыні.
У неба дубоў ўперліся кароны,
cтаяць яны, равесьнікі вякам,
бы стройныя дарыцкія калоны,
нагадваюць стары, антычны храм.
З паганаў я. Красе зямлі малюся,
ў сябе ўбіраю веліч і спакой,
а коні ймкнуць шляхамі Беларусі,
сьняжынкі таюць на вачах сьлязой…
Л.Геніюш
Навокал сьнег, бы сівізна на скронях
Маёй зямлі, застыўшай ад вятроў.
Гляджу на шлях, нейк сумна мне сягоньня.
Прачнуцца б сэрцу ад трывожных сноў.
З-за грудаў хмар ледзь заблішчэла сонца
І ўрэзалася ў неба, бы лямеш.
Я ніці дум вію на верацёнцы
І з пасмаў слоў сную і тку мой верш.
Прамерзла крыху, як той дзень зімовы.
Завеі сьвіст заместа салаўя.
На ўзьлесьсі сосны строга хмураць бровы.
Суровы гімн пяе зямля мая.
Л.Геніюш |
|
|
Першы снег
Сяння раніца й сонца ўставалі
у вянку з каляровых агнёў
і карункамі ільдзянымі ззялі
залатыя галіны кляноў.
Нетутэйшыя, дзіўныя краскі
загараліся ў шыбах вакон…
Было ранне - старонкаю з казкі,
было ранне, як казачны сон.
А пасля… неба згасла… сцямнела…
вецер голлем сухім зашасцеў,
з шэрай вышы, і чысты, і белы,
снег густы паляцеў, паляцеў.
Ён паблытаў дзіўныя вузоры
у галлі разварушаных дрэў,
ён маркотныя ніваў разоры
снежна-белай пялёнкай адзеў,
сыпкіх гурбаў намёў, перайначыў
свет, хаду нашых чынаў і дзён.
Згасіў зоры й агні, каб зазначыць,
што ўсё ж доля - не казка й не сон.
Н.Арсеннева
|

|