
|
|
|
|
 |
|
|
|
|

ТЭМАТЫЧНАЯ РУБРЫКА: ВЯСНА
|
"Плыве ўразлівісты
раўчук
Зімы марозная суровасць.
І над усім - вісіць вясновасць,
І над усім звініць жаўрук"
А.Грачанікаў, "Ізноў заплакалі снягі…"
Ужо колькі год пачынаецца гэтая чароўная казка, і, на здзіў, не
губляе сваёй чароўнасці. Яшчэ, здаецца, учора гулі вятры ды гуляла
завіруха, але раптам адступілі маразы, прасвятлела неба, а ў паветры
павеяла гаючай, духмянай цеплынёй. І з'явілася прадчуванне. Прадчуванне
нейкай таемнай з'явы, якая, хоць і паўтараецца штогод, але кожны
раз мае свае адценні, свае адрозныя малюнкі.
Ідзе то вясна-красуня ўладарным поступам, доўгачаканая, роспачна-радасная,
сыпле пад ногі рамонкі ды пралескі, расквечвае ўсмешкамі твары.
І нараджаецца нешта ў душы. Не так даўно панаваў там зімовы ціхі
сум ды спакой будзённасці, але вось ужо мрояцца наперадзе гарачыя
пачуцці, непакояць трывожна-салодкія думкі-летуценні ды няўлоўныя
памкненні. Вясна-краса! Ці не з мары яна нарадзілася?! З пяшчоты,
бездакорным майстэрствам і любоўю малюе яна свае дасканалыя, шматфарбныя
эцюды, увасабляючы ў іх спеў усяго жывога: хвала сонейку! Хвала
вясне! Хвала жыццю!
Алена Кірэева
|
| Чаканне змен
Яшчэ не сакавік,
Але ўжо не люты,
Дзяўбе счарсцвелы снег
Сцюдзёная імжа.
У азалелы лес,
Яшчэ марозам скуты,
У сцятыя палі
Не просіцца душа.
Але ў пагодны дзень
То сцішана, то рэзка
Праз дум пласты
Праклёўваецца ў ёй
У прадчуванні змен,
Як першая пралеска,
Вяснова-светлы,
Гаманкі настрой.
Нас вабіць таямніцаю
Чаканне.
І ён прыходзіць,
Аднаўлення час.
Аднойчы прыйдзе ён
І не застане
Ці, можа, забярэ
З сабою нас.
А.Грачанікаў
***
Так проста: ідзе сакавік,
Такі незвычайна вясновы,
У вочы зірне маладзік,
І ўсё распачнецца нанова.
Жмут сонечных промняў тугіх
Падману душу разагрэе,
І буду па вулках глухіх
Туляцца з тугой і надзеяй.
Калі ж замарочлівы снег
Палезе ў каўнер і да твару,
Насустрач я выцісну смех,
Каб толькі не стацца ахвярай.
Л.Сіманёнак |
|
|
А бог вясны прыходзіць босы,
З жалейкай звонкай у руках.
Лугі сінеюць, як нябёсы.
Сузор'і кветак на лугах.
Ручай, нібы дзіця, лапоча.
Бягуць на поўнач халады.
Па чорным полі гулка крочаць
Мільёнаногія дажджы.
Звяры і птушкі ў першым класе.
Штурмуюць сонца мурашы.
Спявае вецер. Пачалася
Веснафікацыя душы.
Як добра жыць у дзень вясенні,
Душой адтайваць пакрысе
І адчуваць сябе насеннем,
Што неўзабаве прарасце.
І скінуўшы з душы трывогу,
Паверыць сонцу і вадзе,
Знайсці адзіную дарогу,
Што ў край бацькоўскі прывядзе.
На небасхіле ўжо маячыць
Зеленакрылы ветразь дрэў.
О дрэвы родныя, я плачу
Ад радасці, што вас сустрэў.
Шумі, звіні, жывое вецце!
Паклон табе, турботны лёс,
За гэты міг, за гром, за вецер,
За вочы мокрыя ад слёз.
Л.Дайнека
|

|