
|
|
|
|
 |
|
|
|
|

ТЭМАТЫЧНАЯ РУБРЫКА: ДЗЯДЫ
|
Здаўна на Беларусі
адзін з восеньскіх дзён прысвячаўся ўспамінам пра памерлых продкаў.
У гэты дзень гатавалі рытуальныя стравы, у некаторых мясцовасцях хадзілі
на могілкі. Называўся ён Дзяды. Адзначаюць Дзяды і сёння (афіцыйная
дата - 2 лістапада).Успамінаюць родных, заклікаюць іх на памінальную
вячэру; лічыцца, што ў гэты дзень душы дзядоў наведваюць сваіх нашчадкаў.
Вытокі Дзядоў знаходзяцца ў глыбокай старажытнасці. Ужо тады людзі
разумелі, як важна ўшаноўваць продкаў, зберагаць іх вопыт дзеля сваёй
будучыні, як важна захаваць сувязь пакаленняў. Яны адчувалі сябе звяном
адзінага непарыўнага ланцугу.
Менавіта гэтае адчуване натхняе ў наш час паэтаў на стварэнне
такіх вершаў, у якіх гучыць роздум аб мінулым і сучасным, зварот
да дзядоў, як да пачатку, асновы свайго народу, падзяка за магчымасць
нашага "сёння". Пацвердзяць гэта некалькі вершаў, змешчаных
ніжэй.
Алена Кірэева
|
Дождж падае вонку прыцішаным звонам,
Дождж льецца, дождж плача на шыбах аконных,
балючы стон ветру даносіцца з даляў,
і зоркі на небе нам ноч не запаліць.
Ў сьвятынях сьціх гоман малітваў нядзельных,
на могілках сьвечкі даўно дагарэлі.
А ў краі, гдзе думы мае безупынна,
чакаюць у хатах дзядоў на гасьціну.
Да нас не забудзьце, прыходзьце, дзяды;
хопіць малітваў у мяне і яды
з сёлаў забытых, з лагчын і бароў
і з наднямонскіх старых цьвінтароў.
У дом мой плывеце на сьветла агню,
вокны шырокія Вам адчыню;
гэдак прыходзьце, як колісьць жылі,
весткі прыносьце із роднай зямлі.
Душу Вам вышлю насустрач сваю,
палкай малітваю Вас напаю,
сэрца маё каля Вашых магіл,
там, гдзе сумуе мой край дарагі.
Ў вечар таёмны, у поўначны час
з Божае волі чакаю на Вас;
разам мы просьбаў гарачы наш жар
слаць будзем шчыра прад Божы аўтар.
Сумна і пуста ў вокнах маіх,
ніхто ня прыдзе сюды з жывых;
кругом пустыня, навокал цьма,
над горнай прорвай стаю сама.
Будзем прасіць за тых, хто не забыў
ні роднай мовы, ні родных ніў.
Хто мёртвых ўваскрошваў сьвятою рукой,
Той нас не пакіне ў хвіліне цяжкой.
Л.Геніюш |
|
|
Дзяды
На могілках, дзе жухлая трава,
З журбінай мёртвых сёння памянём.
Сыпучая магільная жарства
Сагрэта чуйнай памяці агнём.
Крывава ўзбухлі гронкі арабін,
І ветру лёт, як пошуг вечных душ.
Ляжаць дзяды, паспеўшы адрабіць,
Пусціўшы з рук
Жыцця трывучы гуж.
Іх доўгі сон жальбою зварухну,
І век пагроз рукой асцерагу
Над кожным пракаветную сасну,
Зару і птушку, слоту і пургу...
У пустаце пагаслых іхніх дзён
Тут забыцця быльнёг не парасце.
Мне свет зямны на шмат шырэй відзён
У продкаў чалавечай праваце.
М.Мятліцкі
***
Дзяды
Заблытаны шляхі,
і вочы засціць дым...
Быў вольным гэты край,
Распяты чужакамі.
Праз горкія гады
вяртаюцца Дзяды, -
вяртаецца наша
памяць.
На нерушы снягоў
крывавяцца сляды...
Усталі пад штандар
нашчадкі касінераў.
Праз горкія гады
вяртаюцца Дзяды, -
вяртаецца наша
вера.
Бясконцы калаўрот
нянавісці, дзяльбы...
Я ў вочы зазірну
і ў іх пазнаю брата.
Праз горкія гады
вяртаюцца Дзяды, -
вяртаецца наша
заўтра.
І свеціцца далонь
у прыцемках бяды...
Радзіму захінем
гарачымі рукамі.
Праз горкія гады
вяртаюцца Дзяды, -
вяртаюцца разам з намі.
М.Пракаповіч
|

|
|
|
|